Пад такой назвай 8 лютага 2024 года ў 17 гадзін у Мазырскім драматычным тэатры імя І.Мележа адбудзецца тэатральна-музычная кампазіцыя да Дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Івана Паўлавіча Мележа. Вось ужо 30 гадоў, як тэатр з гонарам носіць імя народнага пісьменніка Беларусі. Да ўшанавання памяці слаўнага сына палескай зямлі тэатр старанна рыхтуецца і чакае шмат гасцей.
У праграме вечара плануецца правядзенне выстаў, сустрэч, віктарыны, будзе гучаць жывая народная музыка і, канечне, гледачы пабачаць на вялікай сцэне ўрыўкі са спектакля “Людзі на балоце” па аднайменным рамане Івана Мележа.
Нам вельмі прыемна, што супрацоўнікі Хойніцкага раённага краязнаўчага музея адгукнуліся на нашу прапанову арганізаваць у тэатры выставу экспанатаў Дома-музея І.П.Мележа з вёскі Глінішча. Спадзяёмся, што наш тэатральны праект зацікавіць гледачоў і будзе садзейнічаць захапленню асобай пісьменніка і раманам ”Людзі на балоце”.
Запрашаем Вас у тэатр, каб дакрануцца сэрцам да творчасці нашага славутага земляка і адчуць асалоду роднага слова!