Новости

Бліц-інтерв’ю з маладымі талентамі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля ”Харошкі“

Валерыя Гілеўская, 20 гадоў:
  • У калектыў я прыйшла па размеркаванні пасля Мінскага каледжа мастацтваў. Я вялікі аматар беларускай культуры, адчуваю важнасць нашай справы і хачу, каб больш людзей ведалі – хто такія “Харошкі”, як выглядае сапраўдны беларускі танец, якую мэту мы нясем, каб не страцілася наша культура, наша ідэнтычнасць, наш генетычны код. Гэта вельмі важна. Я рада, што ў нас шмат моладзі, якая ведае, разумее і хоча несці ў масы культуру. А беларуская культура – гэта не толькі пра бабулек у весцы, гэта пра нас, пра сучаснасць. Таму я радая быць у “Харошках”. У “Харошках” хораша!

Уладзіслаў Бурэц, 20 гадоў:

  • Я нарадзіўся ў Баранавічах. Сам прыняў рашэнне працягнуць развіваць нашы беларускія танцы і даўно марый апынуцца ў знакамітым калектыве. Мне падабаецца, што моладзь тут падтрымліваюць, вучаць і даюць шмат шансаў сябе праявіць. Мы не стаім дзесьці збоку, а саліруем і часам займаем ключавыя пазіцыі на сцэне. Майстэрству беларускай харэаграфіі я вучыўся ў заслужана артыста Рэспублікі Беларусь Андрэя Макарука, шмат увагі і цярпення нам удзяляе наш мастацкі кіраўнік Ірына Грушова. Таксама я адчуваю падтрымку ад сваіх родных і сяброў. Напрыклад, мая дзяўчына часта адпраўляецца са мной на гастролі. Для мяне гэта вельмі значна.

Арцем Скуба, 20 гадоў:

  • Нарадзіўся я ў Зэльве, што на Гродзеншчыне, скончыў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў. І ўжо паўгады ў “Харошках”, якія для мяне сталі сапраўднай сям’ёй. З дзяцінства я ведаў, што гэта самы лепшы і самы вядомы калектыў нашай краіны. Тут самая лепшая харэаграфія. Мой педагог адразу сказаў, што мне трэба толькі ў “Харошкі”, бо ў ва мне жыве сапраўдны беларус. І сапраўды, менавіта ў гэтым калектыве я раскрываю сваю асобу, салірую ў шматлікіх творчых нумарах. Я адчуваю вялікі гонар за свой калектыў і адчуваю сваю адказнасць за далейшы лёс калектыва і нашай культуры.

Leave a comment

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *