Новости

Гучала жывое слова Івана Мележа. 12 лютага Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа гасцінна  прыняў удзельнікаў творчага конкурсу чытальнікаў ”У гонар класіка Івана Мележа“

Кожны год тэатр адзначае дату народзін народнага пісьменніка. Сёлета ўрачыстасці прайшлі ў форме творчага конкурсу ў гонар пісьменніка, імя якого больш за 30 гадоў з гонарам носіць Мазырскі тэатр.

Іван Паўлавіч Мележ – самы вядомы паляшук, празаік, драматург і публіцыст, ён быў цесна звязаны з Мазыром і Мазырскім Палессем: ”Рэчыца, Васілевічы, Мазыр – для меня не проста назвы паселішчаў, а як бы жывыя істоты, таварышы маладосці“, – пісаў ён. Іван Паўлавіч шчыра любіў непаўторны куток беларускай зямлі і не раз з задавальненнем прыязджаў сюды, будучы ўжо вядомым беларускім літаратарам. Першыя мастацкія творы Івана Мележа, пераважна вершы, былі апублікаваны ў Мазырскай абласной газеце ”Бальшавік Палесся“. Так раней называлася газета ”Жыццё Палесся“.

Напачатку конкурсу для ўсіх удзельнікаў прайшоў майстар-клас па чытанню вершаў і прозы ад актораў тэатра Валянціны Рослікавай і Наталлі Скамарохавай. Пад кіраўніцтвам майстроў сцэны юныя чытальнікі выканалі практыкаванні па развіццю артыкуляцыйнага апарата і атрымалі зарад пазітыўнай энергіі і добрага настрою.

Моладзь з гонарам ушанавала памяць вялікага пісьменніка. 20-ць юнакоў і дзяўчат са школ Мазыра і раёна, з педагагічнага ўніверсітэта і абласнога ліцэя прачыталі на памяць урыўкі з твораў пісьменніка, стараючыся сэрцам перадаць эмоцыі і перажыванні лірычных герояў. Яны настолькі глыбока прачулі творы, што, здавалася, мы ўсе разам пераносімся ў час, пра які пісаў творца нашай зямлі. Кожнае слова, кожны жэст, кожны погляд канкурсантаў перадаваў не проста сэнс, а і душу, якой аўтар напоўніў свае кранальныя радкі.

 Асабліва запомніліся моманты, калі музыка ўзмацняла выступленне рабят, робячы яго яшчэ больш яркім і незабыўным. Гэта было чароўна і натхняльна.

 Вечар у тэатры не абмяжоўваўся толькі конкурсам: у час, калі журы абмяркоўвала вынікі, усіх удзельнікаў запрасілі на цікавую экскурсію па тэатры, якую правяла артыстка драмы Ларыса Верасовіч, а затым на сцэнеадбыўся цуд і ажылі любімыя казачныя пушкінскія героі, якіх яскрава сыгралі акторы Аляксандр Фяськоў і Марыя Сушкова. Гэта стала шыкоўным  падарункам усім прыхільнікам тэатральнага мастацтва.

На цырымоніі ўзнагароджвання журы конкурсу на чале з рэжысерам-пастаноўшчыкам тэатра Святланай Джэлівай падкрэсліла, што хоць і не ўсім удзельнікам удалося вытрымаць напружанне і хваляванне на сцэне, але яны ўжо пераможцы, таму што асмеліліся пераступіць парог тэатра і падняцца на прафесійную сцэну. Член журы, актор Міхаіл Кліменка выказаў не толькі словы падзякінавучэнцам за тое, што яны адгукнуліся на запрашэнне паўдзельнічаць у конкурсе, але і свой гонар за нашу таленавітую моладзь.

 Граматы Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа і грашовыя сертыфікаты памерам у 50, 40 і 30-ць беларускіх рублёў ад Мазырскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ”Белая Русь“ за 1, 2 і 3 месцы адпаведна атрымалі: 1 месца -Сафія Болдырава (СШ 9), 2 месцаУльяна Цімашэнка (СШ13) і Анастасія Шэцко (МГОЛ), 3 месцаАнастасія Ком (СШ16) і Ягор Місевіч (СШ11).  

 Граматы і сувеніры ад Гомельскага абласнога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ”Рускае грамадства“ атрымалі ў намінацыях:”За ўшанаванне памяці пра Вялікую Перамогу“ – Марыя Сіўчук (СШ11), ”Лепшае чытанне лірычнага твора“ Дарья Якаўлева (МГПУ імя І.П.Шамякіна) і ”За артыстызм“Віялета Кляшчова (СШ12). Астатнія ўдзельнікі конкурсу атрымалі салодкія падарункі ад ”Белай Русі“.

Творчы конкурс стаў сапраўдным святам для душы і напамінам пра тое, што беларуская класіка жывая, прыгожая і натхняючая, а творы Івана Мележа – магутны пасыл нацыянальнай годнасці, любові да Беларусі і гонару за сваіх людзей, які мы адчуваем праз многія дзесяцігоддзі.

       Адміністрацыя тэатра выражае сардэчную ўдзячнасць старшыні Мазырскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Віталю Шылаву і старшыні Гомельскага абласнога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ”Рускае грамадства“ Алене Шацько за дапамогу ў праведзенні мастацкага спаборніцтва на высокім узроўні.

Валерыя ПІКУН, член клуба “Юны журналіст” Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Фота Аляксандра САЛАДКОВА.

1. З прыемнымі эмоцыямі пасля конкурсу

2. Член журы – намеснік старшыні Мазырскай арганізацыі”Белая Русь“ Святлана Фешчанка;

Leave a comment

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *