Новости

Да 105-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа ў тэатры адкрыта выстава

У гэтыя дні мы адзначаем юбілей двух выдатных творцаў, таленавітых сыноў нашай Радзімы, народных пісьменнікаў – Івана Шамякіна і Івана Мележа.

Больш за трыццаць гадоў наш тэатр з гонарам носіць імя Івана Паўлавіча Мележа, самага вядомага палешука, пісьменніка, драматурга, публіцыста, аўтара трылогіі ”Палеская хроніка“, якую склалі раманы ”Людзі на балоце“, ”Подых навальніцы“ і ”Завеі, снежань“. ”Палеская хроніка“ – наша нацыянальная скарбніца і эпапея народнага жыцця  пераломных 20-30-ых гадоў мінулага стагоддзя.

8 лютага Івану Паўлавічу Мележу спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння. Ушаноўваючы гэтую падзею, у тэатры адкрыта выстава.

Аснову выставы складаюць фотоздымкі 60-70-ых гадоў з архіва тэатра, якія зафіксавалі творчае супрацоўніцтва рэжысера Мазырскага народнага тэатра, заслужанага работніка культуры БССР, тройчы лаўрэата Усесаюзных і рэспубліканскіх конкурсаў Міхаіла Коласа і Івана Мележа і той факт, што на прэм’еру спектакля ”Людзі на балоце“ у 1970 годзе ў Мазыр прыязджаў сам пісьменнік. У гонар гэтай знакавай падзеі тэатру ў 1994 годзе па прапанове мастацкага кіраўніка Валерыя Ласоўскага было прысвоена імя беларускага класіка.

Калектыў тэатра асцярожна захоўвае артэфакты, звязаныя з  супрацоўніцтвам Міхаіла Коласа і Івана Мележа. Аб гэтым сведчаць не толькі фотаздымкі. Напрыклад, захавалася тэлеграма, якую адправіў Іван Паўлавіч Міхаілу Коласу напярэдадні свайго прыезда ў Мазыр.

Творы Мележа застаўляюць думаць, параўноўваць і актуальныя ва ўсе часы. Спектакль ”Людзі на балоце“ па раману Івана Мележа двойчы ставіўся ў нашым тэатры: у 1970 і ў 2021 годзе. За спектакль, пастаўлены ў 2021 годзе рэжысерам Раманам Цыркіным, тэатр атрымаў аж чатыры ўзнагароды. Мы верым, што Мележ анёл-ахоўнік наша тэатра. Спадзяёмся, што спектакль ”Людзі на балоце“ скора будзе адноўлены і парадую прыхільнікаў тэатральнага мастацтва. Запрашаем на выставу, каб дакрануцца сэрцам да творчасці самага славутага палешука, да гісторыі нашага тэатра і успомніць вядомых мележаўскіх герояў Васіля і Ганны і іх узнеслае каханне…

Leave a comment

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *