Новости

Калі ласка – скокі! На нашай сцэне выступіў Беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаныхарэаграфічны ансамбль ”Харошкі“

7 сакавіка ансамбль парадаваў мазыран сваёй эксперыментальна-тэатралізаванай праграмай  ”Масленка“ і ”Вясна“, гарманічна паказаўшы народныя традыцыі, звычаі і абрады, якія праходзяць у гэтую пару. Было шмат жаночых нумароў, якія ўзносілі прыгажосць, вытанчанасць дзявоцтва і падкрэслівалі некранутасць прыроды, час, калі абуджаецца зямля.

Харэаграфічныя кампазіцыі здавалася стваралі не канцэрт, а гісторыю народнага жыцця. Мы любаваліся зазываннем вясны, гучаннем вясёлых песняў валачобнікаў, віхурай скокаў, песняў, грання музыкаў і адчувалі характар і прыгажосць беларусаў.

Жывы гук з цымбаламі і жалейкай, спевы ад самага сэрца, адметная пластыка, якая спалучала аўтэнтычны беларускі фальклор з высокім прафесійным майстэрствам – вось яркая адметнасть ”Харошкаў “.

Нам у інтэрв’ю мастацкі кіраўнік ансамбля – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Грушова падкрэсліла: ”Мы выносім на сцэну апрацаваны і стылізаваны фальклор, з музычнай аранжыроўкай. Гэта не проста абрад, а харэаграфічны твор з цікавым сюжэтам.

Канцэрт прайшоў, а заліхвацкія сюжэты, заснаваныя на дасціпным народным гумары, з удалымі мужыкамі, злой жонкай, прагнай цешчай у перамежаванні з узнёслымі бусламі, пяшчотнымі перапелачкамі, вясновым сонейкам і энергічным юр’евым канём наталілі нашу душу нечым родным, спрадвечным і светлым.

”Харошкі“ нам паказалі, што фальклор – гэта невычэрпная крыніца і сапраўдны скарб. Яго трэба прапагандаваць сярод моладзі, знаходзіць у ім новыя ноткі, адшукваць невядомыя грані і надаваць сучасную  форму, тады ён зайграе адметнымі фарбамі.

Пасля канцэрта ад імя ўсіх гледачоў з удзячным словам выступіла ганаровая мазыранка Алена Рудэнка. Яна падзякавала сталічных артыстаў за чыстую душу, шчырыя сэрцы, высокае майстэрства і выказала падзяку заслужанаму артысту Рэспублікі Беларусь, адміністратару ансамбля, былому мазыраніну Васілю Прыходзька за цудоўную арганізацыю канцэрта.

”Хлебам і сонцам хай поўняцца хаты“, – так спяваюць таленавітыя ”Харошкі“, і хай так будзе заўсёды!

Leave a comment

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *