3 верасня Мазыр сустракаў удзельнікаў XXI Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі».
Галоўная імпрэза фестывалю разгарнулася ў нашым тэатры.
Упершыню ў Мазыры ўручылі абласную літаратурную премію “Палесскія росы” ў межах рэгіянальнага фестывалю “На зямлі Кірылы Тураўскага”.
Перад гасцямі і ўдзельнікамі фестывалю выступіў чалавек-легенда, песні якога спявалі, спяваюць і будуць спяваць ва ўсім славянскім свеце, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок.
Трупа нашага тэатра прадставіла гледачам урывак “Вяселле” са спектакля “Людзі на балоце” па аднайменнаму раману Івана Мележа. Напрацягу ўсяго выступлення акцёраў гучалі моцныя апладысменты, а гэта значыць, што класічны твор самага вядомага палешука Івана Мележа адгукаецца ў сэрцы не толькі беларусаў, але і ў гасцей-расіян – вядомых літаратараў, якія прыехалі на свята з Курска, Варонежа, Бранска, Смаленска і іншых гарадоў Саюзнай дзяржавы.
У ходзе праграмы было шмат прыемных момантаў: прывітальных адрасоў, узнагарод, кранальных выступленняў літаратараў – таленавітых пісьменнікаў.
Нам вельмі прыемна, што дзейнасць тэатра па папулярызацыі беларускай нацыянальнай літаратуры высока адзначылі, і дырэктару тэатра Рыгору Рыгоравічу Сітніку ўручылі дыплом аб прысваенні статусу “Лепшы калектыў” у намінацыі “Сіла ў супрацоўніцтве” і памятны медаль “Іван Мележ. За вернасць слову”.
Асобна хочацца адзначыць, што ў вытоках Міжнароднага форуму стаіць адзін чалавек. І вось ужо 21 год напаўняе форум жыватворнай творчай энергіяей. Гэта дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, член праўлення Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, вядомы беларускі пісьменнік, слаўны сын гомельскай зямлі – Уладзімір Мікалаевіч Гаўрыловіч. “Фестываль падштурхоўвае нас яшчэ раз зазірнуць у добрую кнігу, каб адчуць подых Радзімы і прагу да беларускага слова, да духоўнасці, да культуры”, – гэтыя словы Уладзіміра Мікалаевіча вельмі яскрава падкрэсліваюць галоўную ідэю фестывалю!